Петр Резванов (peter_rezvanov) wrote,
Петр Резванов
peter_rezvanov

Як я ўжо шмат разоў казаў, па сямейных абставінах я зараз жыву з бацькамі, а дахаты заязжаю прыблізна раз на тыдзень, каб паліць кветкі. Большая частка кніг таксама жыве там, што не вельмі зручна, калі трэба на што спаслацца, але што зробіш...

Насамрэч, мне не было б патрэбы ні на што спасылацца, каб ужо ўчора ў паштовай скрыні мяне не чакала чарговая кніжка Вольфа Рубінчыка. Скажу пра яе некалкі слоў (праўда, як высветлілася, я не здолеў скарыстацца парадай Караля з "Алісы ў Краіне Цудаў": "Напэўна, пачні з пачатку", — і буду скакаць туды-сюды...).

Вядома, тое-сёе я ўжо чытаў у МЯТ і на belisrael.info, хаця нейкіх тэкстаў з пачатку кнігі чамусьці не памятаю. Што праўда, напрыклад, тэкст пра Майсея Кульбака я не чытаў, а толькі слухаў ужывую. Таму на слых неяк не заўважыў, што "лік "18" у яўрэйскай традыцыі значыць "жывы". Справа ў тым, што не толькі ў яўрэйскай, а, напэўна, увогуле ў сяміцкай. Калі чытаў у электронным выглядзе гутарку пра Мая Данцыга, я чамусьці не заўважыў нязгоды з тым, што "тэма Вялікай айчыннай вайны, асабліва партызанскай, вельмі нацыяналізавана" (і меркаванне, што мелася на ўвазе "палітызавана"). Як на мой густ, менавіта "нацыяналізавана": дзяржава яе сабе прысабечыла, і ўспамінаў, цалкам вольных ад дзяржаўных скажэнняў, напэўна ўжо не знойдзеш нават у нешматлікіх перажыўшых.

"Калякараткевічаўскія" тэксты ў сеціве чытаў "па дыяганалі", таму не заўважыў нязгоду з думкай пра "пяць сяброў — пяць пунктаў савецкай анкеты". Мне здаецца, аргумент, што "раней было чатыры" — непераканаўчы: жылі сабе чатыры пункты (наўрад менавіта "прозвішча-імя-імя па бацьку, пол, год і месца нараджэння", хаця і "полу" адпавядае дзяўчына, але абстрактныя), а тут да іх далучаецца "пяты"!.. Калі не вельмі настойваць на "паралельнасці", — неблагая гіпотэза!..

Таксама не памятаю, каб раней чытаў пра "пакручасты лёс Якава Бранштэйна", а то не мог бы не адзначыць, што з "вароншчынай" у свой час (тады, праўда, слова такога яшчэ не было) змагаўся і Маякоўскі (гл. імянны паказальнік). У "калялітаратурных" тэкстах увогуле, здаецца, больш разумення "кампрамісаў з савецкай уладай", чым я вычытваў у іх электронных версіях (Пастэрнак, як вядома, таксама шукаў гэткія кампамісы, нават ад Нобелеўкі адмовіўся, "але мы яго любім [альбо не любім] не толькі за гэта" (с)).

Але, напрыклад, тэкст "Яўрэйскія тэмы" ў творчасці Васіля Быкава" я бачыў у першыню. І менавіта ў сувязі з ім "стрэліць" згаданая вышэй немагчымасць даць дакладную спасылку. Па-першае, своеасаблівай "яўрэйскай тэмай" у Доўгай дарозе дадому", на мой густ, былі і "жыдажэрныя" выказванні Алеся Ганчара (можа і яшчэ каго...), здаецца, без каментароў аўтара; а думку, што "габрэі адрадзілі сваю мову (іўрыт), значыць,зможам і мы" я сустракаў у артыкулах Змітрака Бядулі з "кнігазбораўскага" выдання. Так што гэты довад (прынамсі, яго карані) з канца XX стагоддзя пераносіцца ў яго пачатак.

Даўно не перачытваў Андрэ Жыда, але нешта не памятаю ў яго "Вяртанні з СССР" "татальнага "расплюшчвання вачэй" сваіх чытачоў". Нейкая "пераацэнка каштоўнасцей", сапраўды, была, але гэта таму, што А. Жыд спадзяваўся, што ўсе савецкія грамадзяне — Паўкі Карчагіны, ну і трошкі расчараваўся (як вядома, оўрэлаўскае "расплюшчванне вачэй" пачалося таксама з расчаравання: падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі ён трапіў "не да тых" змагароў). Пінскаму ж расчароўвацца не было ў чым. Вядома, я магу і памыляцца, бо ў гэтым пытанні магу толькі давяраць Вольфу Рубінчыку. Але, вяртаючыся да Іспаніі, "Па кім званіць звон" "чуждага" Хемінгуэя ў СССР нарэшце выдалі, так што думаю, што да "сваіх" ставіліся іначай (ды і "свае" сапраўды, расчараванняў не даравалі!)

Вось, здаецца, амаль і ўсё, што тычыцца тэксту. Са зместу цяжка здагадацца, што "Дукора", "Гарадок пад Маладзечна" і "Ізраіль" — не асобныя артыкулы, а часткі "Па вяртанні з вандровак". Трошкі здзівіў капірайт на "выяву на 1 стр. вокладкі", калі выява — на чацвёртай.

Але галоўнае, да чаго я збіраюся прычапіцца, — гэта назва. Што ў кнізе "іудзейскага"? У артыкуле пра разбурэнне сінагогі на Дзімітрава згадваецца "іудзейская традыцыя", паводле якой "нават спустошаная сінагога — "маленькі храм" — захоўвае святасць", а ў пасляслоўі 2020 "прагрэсіўны іудаізм" супрацьпастаўляецца "сапраўднаму" (што цікава, у матэрыяле пра Ізраіль "прагрэсіўныя іудзеі" згадваюцца нейтральна). У тым жа матэрыяле пра Ізраіль (а як жа!) і ў перакладзе з Шолам-Алейхема згадваецца Мур Лямантаў. Астатняе: што Ізі Харык на Пэйсах прыносіў дахаты мацу і згадка памінальнай малітвы ў гутарке пра Мая Данцыга больш адносяцца да "яўрэйскіх традыцый", якія сам аўтар у артыкуле пра слова "жыд" пісаў праз коску з "рэлігійнай адукацыяй", такім чынам іх раздзяляючы. Калі гэту кніжку аднесці не да "яўрэйскіх тэм", а да іудзейскіх (г. зн. рэлігійных), то гэта будзе нават не "артапраксіяй", а "абрадаверствам".

Не, тых, хто ведае, пра што Вольф Рубінчык піша, назва падмануць не можа. Але ж ён, напэўна, разлічвае не толькі на сяброў і знаёмых?..

А ў астатнім — кніжка добрая, цікавая...
Tags: еврейское, рецензия
Subscribe

  • гумарысты, аднак!

    Як ужо адзначалася, "вось хаджу я па горадзе" (с) Гоп-са-смыкам, і раптам бачу рэкламу: "Pandora — лучший подарок!" Калі пагугліць, робіцца…

  • (no subject)

    Ітак, Еўрапейскі Вяшчальны Саюз прыняў рашэнне прыпыніць членства Белтэлерадыёкампаніі. Усё было б добра, але "а судзі хто?" Вяртаючыся да таго,…

  • (no subject)

    Як не дзіўна, Расія па-свойму выконвае свае абавязкі перад Сінявокай у рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы: не пушчае еўрапейскія самалёты, што…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 4 comments