Петр Резванов (peter_rezvanov) wrote,
Петр Резванов
peter_rezvanov

вакол Рэлеса

Здаецца, у ЖЧ я гэтага яшчэ не пісаў...
У Мінску мая бабуля працавала настаўніцай геаграфіі ў школе працоўнай моладзі. У той жа школе працаваў (здаецца, настаўнікам рускай мовы і літаратуры) Гірш Рэлес (для мяне ён, напэўна, заўсёды застанецца Рыгорам Львовічам). Не ведаю, ці можна лічыць іх адносіны сяброўскімі, але праз яго ўсё маё дзяцінства мая бабуля купляла пуцёўкі ў Дом творчасці беларускіх пісьменнікаў (спачатку ў Каралішчавічах, а потым і на Іслачы; але апошняе не так цікава: у часы перабудовы і самаакупнасці пуцёўкі туды шмат хто мог набыць; ды і нічога роўнага па паданням з Ласіным возерам на новым месцы не было, як не было агульнаўласных сабак; не дзвіва, што нехта з тых, чыё дзяцінства таксама прайшло ў Каралішчавічах, казаў, што Іслач — ужо не тое...). Але неяк мяне дужа ў бок занесла!..
Дык вось: з-за ўсяго гэтага я ўдзячны Рыгору Львовічу за маё шчаслівае дзяцінства. З яго творчасцю я пазнаёміўся пазней, калі пачаў чытаць тыя кніжкі (усе на рускай мове і ў бальшыні — расказы пра жыццё настаўнікаў), якія ён дарыў (ёсць аўтографы) маёй бабуле. Асабіста з ім я сустракаўся ўсяго два разы прыблізна за месяц да яго смерці: неяк набыў кніжку Мендэле Мойхер-Сфорыма на рускай, і ў "Маленькім чалавеку" заўважыў "вока мяса" (у сэнсе "тры фунты"). Як вядома з "Я сам" Маякоўскага, "вока" па-грузінскі — таксама "тры фунты". Дзе Грузія, а дзе Мойхер-Сфорым, чаму аднолькава?! Я быў у ступары і не знайшоў нічога лепшага, як папрасіць бабулю мяне з Рэлесам пазнаёміць (як са знаўцай ідышу і настаўнікам рускай мовы: каб не трэба было доўга тлумачыць ні пра Мойхер-Сфорыма, ні пра "вока", ні пра Маякоўскага).
Але адказ на сваё пытанне тады я так і не атрымаў: спачатку ён быў усхваляваны, калі праз мяне даведаўся, што існуе пераклад Мойхер-Сфорыма на рускую, другі раз ён трымаў у руках свае ўспаміны на ідыш, а трэцяга разу ўжо не было... ("Ідыш-беларускі слоўнік" Астравуха кажа, што "вока" мае турэцкае паходжанне, у прыватным ліставанні ён выказаў гіпотэзу, што ў ідыш яно трапіла праз румынскую (гіпотэза слушная: напрыклад, "чабан" і ў грузінскую, і ў румынскую таксама трапіў з турэцкай). Абяцалі мае малдаўскія знаёмыя ўдакладніць у сваіх бабуляў: ці было такое слова, але здзяйснення гэтых абяцанак-цацанак я жду ўжо больш за тры гады!..)
Але неяк я зноў не пра Рэлеса. У сераду (ўдакладняю, бо не ведаю: калі гэта да ЖЧ дойдзе) у МГСД адзначалася стагоддзе з яго нараджэння. Неяк яно па-рознаму выйшла: кампутарная прэзентацыя чамусці яго называла "Саламонавічам" (няўжо сын Мойхер-Сфорыма?! Дык Шолам-Алейхем наываў яго "дзядуляй габрэйскай літаратуры", чым Рэлес карыстаўся, калі даць веры яго нарысу пра наведанне магілы класіка); былі памылкі і ў прадстаўленнях выступоўцаў (назваць гэта канферансам язык не паварочваецца!); спрэчкі кшталту "скланяць ці не скланяць ідыш" нейк не вельмі адпавядалі нагодзе; калі б у мяне было больш нахабства, і пераклад яго ўспамінаў на рускую мову, і ідыш-беларускі зборнік я мог бы мець у двух экземплярах (адзін набыты за грошы, а другі — за так); музыкальныя нумары былі нядрэнныя (можна было і лепш: яшчэ не ўсе раз'ехаліся), чытанне вершаў (я ўсведамляю, што я не разумею ідыш, але так чытаць нават прозу нельга!) было так сабе, ўспаміны — не тое, каб "я на тле", але нічога новага я не пачуў (з розных версій чаму ён не эміграваў у Ізраіль я аддаю перавагу амаль галічаўскаму "Кто-то ж должен презрев усталость / Наших мертвых стеречь покой": смерць Рыгора Львовіча амаль адразу пасля таго як выйшлі яго ўспаміны нагадвае "Цяпер па слове Тваім, Госпадзе, адпускаеш паслугача Твайго ў супакоі" [Лк. 2:29]; хай сабе Новы Запавет і быў яму не блізкі).
Калі прыйшоў дадому, мяне чакаў згаданы вышэй падрыхтаваны Рубінчыкам і іншымі зборнік рэлесаўскіх вершаў. Можа, трэба ўзяцца за ідыш, бо пераклады не ўразілі (калі такі ўзровень, то вядомая мне яго рускамоўная проза — гэта лепшае з яго творчасці). Але можа, справа ў іншым: калі спрабую перакладаць Тахерэ, — яна таксама не вельмі ўражвае (у лепшым, пры чым dubia, яна недзе на ўзроўні Цвятаевай, але ёй гэта дазваляецца: яна жыла раней!). Пераклады рэлесаўскіх вершаў таксама нагадваюць шмат што і шмат каго, але гэтым разм яго сучаснікаў. Што праўда, мяне апошнім часам пераконваюць, што цалкам арыгінальных твораў няма, але нічога не магу з сабой зрабіць: ад выдадзеннага колькі гадоў таму тым жа Рубінчыкам Харыка ўражанні ў мяне куды лепшыя!..
Калі фарсі я заняўся дзеля Тахерэ і іранскага кіно (пасля высветлілася, што класічная і сучасная мовы — гэта "дзве вялікія розніцы", таму спачатку Тахерэ, кіно "на салодкае"), то падстаў для заняткаў ідышу ў мяне яшчэ не набралося: Харык і іншыя класікі (іх яшчэ трэба шукаць) і песні (прычым з большага гетаўска-партызанскія).
На заканчэнне — яшчэ адно. На той вечарыне паўстала пытанне пра ўвекавечанне імя Рэлеса (нехта спытаўся: "Якога імя: Гірш, Рыгор альбо Григорий?"). Пачынаючы з Гарацыя паэты казалі пра "нерукатворныя" помнікі, а з рукатворнымі (асабліва ў XX ст.: "Заложил бы динамиту" и "Мне наплевать на бронзы многопудье, / Мне наплевать на мраморную слизь" (с) Маякоўскі і "Памятнік" Высоцкага) іх узаемаадносіны, мякка кажучы, не зусім цёплыя. Таму для ўвекавечання трэба заняцца падрыхтоўкай поўнага збору твораў, а з пачатку (калі згадаць яго рэакцыю на выданне томіка Мойхер-Сфорыма на рускам) — дапамагчы "Кнігазбору" выдаць нарэшце "дзядулю габрэйскай літаратуры" па-беларуску!..
Tags: еврейское, культурная жизнь, рецензия
Subscribe

  • (no subject)

    Сёння прапаганда с#@ла кіпенем ад Указа №512. Пра ўсё казаць не буду, спынюся толькі на адным пункце: "вызваляць работніка ад працы ў сувязі з яго…

  • уф-ф-ф!..

    Это, правда, еще не все, но эпопея с "Высшими органами..." все-таки выходит на финишную прямую!.. Хотя по-прежнему что-нибудь всплывает (например, в…

  • (no subject)

    Когда "Высшие органы ..." только поступили в наш отдел на редактирование и верстку, даже входящий в концепцию справочника примат документа над…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments