November 18th, 2021

freedom from secularism

(no subject)

Калі я вырашыў пашырыць свой тэкст пра Меншы Мір, здаецца, пра ковід не было ані згадкі. Але калі я дайшоў да перакладу прапановы Міжнароднай абшчыны бахаі, каб "канцэпцыя калектыўнай бяспекі" "прымянялася" "да іншых праблем сусветнай супольнасці" (у тым ліку і да "з’яўлення новых сусветных пандэмій"), я не мог пазбавіцца адчування: "ну?! мы ж папярэджвалі!..". Пакуль што не бачна, каб міжнародная супольнасць (у асобах кіраўнікоў дзяржаў) атрымала ўрок і зрабіла высновы. Ну, што ж, чакаем яшчэ якую навалу...

Што праўда, бежанцаў у гэтым спісе не было (хаця трафікінг людзей згадваўся ў іншых заявах, пачынаючы з гэтай, — у дадзеным выпадку дзяцей і жанчын, — у т. л. і той, што я перакладаў), але ж...

Падчас бягучага крызісу ўжо згадваліся палітыка Эрдагана і Пуціна. Цяжка, але можна сабе ўявіць, што які Орбан ці Качыньскі (бедакі, напэўна, не спяць: так ім ікаецца ад згадак усім прагрэсіўным чалавецтвам!) аднойчы скажуць: "А давайце на месяц-другі "зацягнем паясы", пусцім мігрантаў праз сабе і давядзем нашым партнерам па ЕС, што мы маем рацыю!" Яшчэ малаверагодней (але хто мог прадказаць Трампа? У сувязі з сучасным крызісам ўспомнілі змяненне ў адпаведнай дацкай палітыцы), што Іспанія, каб вярнуць Гібралтар, ці Аргенціна, каб адабраць Фалькленды (Ірландыі гэта будзе зрабіць цяжэй, але толькі ў параўнанні з Іспаніяй і Аргенцінай, а не з Сінявокай!), нацкуюць на спрэчныя тэрыторыі сваіх мігрантаў. Можа, яшчэ што адбудзецца...

На ўсякі выпадак нагадаю, што ўяўляе сабой калектыўная бяспека з пункту гледжання баха'і: "Будзьце аб’яднанымі, О цары зямлі, бо гэтак бура разладу будзе сцішана сярод вас, і вашы народы знойдуць спакой, калі вы з тых, хто спасцігае. Калі нехта з вас падыме зброю на іншага, паўстаньце ўсе супраць яго, бо гэта нішто іншае, як яўная справядлівасць". Вядома, агрэсарам можа быць не асобная краіна, а іх блок, але, здаецца, стаўленне да яго мусіць быць гэткім жа (прынцып mutatis mutandis ўласцівы Вучэнням баха'і; Можна не верыць, што Баха'у'лла — Праяўленне Бога, але лічыць, што нашчадак міністра не ведаў аб існаванні блокаў, — прынамсі, як на мой густ, даволі складана...).

Гэта я пра тое, што калі не чалавецтву ўвогуле, то калектыўнаму Захаду час задумацца не аб рэакцыях ad hoc на дзеянні кожнага імярэку, незалежна ад наяўнасці/адсутнасці ці фасону яго вусоў (калі Троцкі крытыкаваў за гэта палітыку Сталіна, ён, помніцца, называў гэта "эмпірызмам"), а аб больш доўгатэрміновай палітыцы. І паводзіць сабе хаця б як падчас згаданага "Свабодай" Берлінскага крызісу...