November 16th, 2021

gipsy

(no subject)

А, дарэчы, зноў пачну з асабістага!..

Як я ўжо калісьці пісаў (за гэты час асабістая старонка майго дзядулі, разам са "знакамітымі суайчыннікамі" [калі даць веры Вікіпедыі, у яго неблагая кампанія!] знікла з сайту адной башкірскай школы. Аднойчы, што праўда, на гэтым сайце ўжо была своеасаблівая "рэвалюцыя" [наколькі памятаю, звязаная з "www" у адрасе], пасля якой я аднавіў спасылку; зараз там шмат "бітых" спасылак, у т. л. на галоўнай старонцы — на сайт муніцыпальнай адміністрацыі, так што, магчыма, новая "рэвалюцыя" яшчэ не скончылася, і праз пэўны час мой дзядуля там з'явіцца зноў), мае карані дастаткова разнастайныя.

З разнастайнасцю каранёў звязана і разнастайнасць геаграфічнага паходжання і лёсаў (гл. тэкст па першай спасылцы), таму ўсякія "дзе нарадзіўся, — там і спатрэбіўся", нягледзячы на тое, што я іх амаль усё свядомае жыццё чуў ад бабулі, мне не зразумелыя.

Тое, што "ўсе людзi нараджаюцца свабоднымi i роўнымi ў сваёй годнасцi i правах. Яны надзелены розумам i сумленнем i павiнны ставiцца адзiн да аднаго ў духу брацтва", я ведаю не толькі з тэксту першага артыкула "Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека", але і з рэлігійных паракананняў.

Так што калі б у прапаганды была б мэта, — давесці мне, што бежанцы — таксама людзі, — яна б грукалася ў адчыненыя дзверы...

З другога боку, "пануючы парадак прая[ўляе] сваю вартую жалю недасканаласць", таму трынаццаты і чатырнаццаты артыкулы згаданай дэкларацыі даволі абмежаваныя: "пакiдаць любую краiну, уключаючы сваю ўласную, i вяртацца ў сваю краiну" можна; "свабодна перамяшчацца i выбiраць сабе месцапражыванне ў межах кожнай дзяржавы" — таксама, але тут пад "кожнай" маецца на ўвазе тая самая "свая ўласная". Права прыбыць у чужую краіну (і пасяліцца там) — толькі ў выпадку "[по]шука[ў] прыстанiшча ад праследавання".

Вядома, у кожнай краіны рэсурсы абмежаваныя (і ў сэнсе плошчы тэрыторыі, і ў сэнсе фінансаў, і ў якім заўгодна), таму у нечым такая двухсэнсоўнасць непазбежная. Паколькі "рыба шукае дзе глыбей, чалавек — дзе рыба", развітыя краіны спрабуюць (і нават, можна сказаць, шчыра) зрабіць так, каб гэтую рыбу можна было знайсці ўсюды, і раздаюць, па вядомай прыказке, жыхарам краін, што развіваюцца, "па вудачцы"; але карупцыя і іншыя, мякка кажучы, недахопы, не вельмі спрыяюць поспеху. Таму не дзіўна, што зараз у Еўрасаюзе дзейнічае "дублінскі рэгламент", а заклікі парушаць (хай сабе і чужое) заканадаўства я падтрымаць не магу, так што тут прапаганда дарма стараецца!..

Есць у пытання яшчэ, прынамсі, трэці бок: існуюць станоўчыя прыклады мігрантскай палітыкі (што праўда, летась і ў Канадзе выхадцам з Паўднёва-Ўсходняй Азіі было не лёгка), але, паколькі "рашэнні для сітуацый, падобных [у тым ліку і на гэту], павінны абапірацца на сілу прыкладу", мне сумленне не дазваляла спасылацца на чужы прыклад.

Таму, паколькі па сямейных і іншых абставінах я вымушаны заставацца пабочным наглядальнікам, я дагэтуль пра міграцыйны крызіс нічога не пісаў. Але каментар ад Вольфа Рубінчыка вымусіў!..