November 2nd, 2021

freedom from secularism

(no subject)

I. Яшчэ ўчора ў грамадскім транспарце пачуў новую абвестку (гэтым разам яна — не тое, што раней! — паўтараецца штопрыпынак) аб неабходнасці захоўваць супрацьэпідэмічныя меры, у т. л. насіць маскі там, дзе немагчма захоўваць сацыяльную дыстанцыю (а я ж не забуду "Мінсктрансу", што ён не дае яе захоўваць нават насуперак прамому загаду Рыгорыча!..). Праходзіў па вул. Багдана Хмяльніцкага, — на ўваходзе ў БНТУ стаяць людзі, нечага пільнуюць (я так разумею, ва ўніверсітэце "аcобна ўзяты" масачны рэжым). "Ковідныя" інтэрнет-сляды нашай прапаганды знайсці не так проста (трэба вельмі добра ведаць, што шукаць! гэты матэр'ял, напрыклад, я знайшоў па "молодежному парламенту"), але яна па-ранейшаму і за вакцынацыю, і за маскі, і за дыстанцыю (згаданы матэрыял усмехнуў: калі "маладзёжны парламентар" быў у масцы, то вядучыя — не, і нават дыстанцыю не захоўвалі, што не перашкаджала ім згодна ківаць галовамі).

Як барацьба з "ворагамі рэжыму" пайшла па старым каляінам (царква "Новае жыццё", "няправільны" Саюз палякаў з Анжалікай Борыс і г. д.: гэта было такое deja vu пачатку стагоддзя!), так і барацьба з ковідам пачынае нагадваць "давыбарную".

II. Працягваю ствараць гіпотэзы пра сапраўдныя прычыны абмежавання доступу да сайта "Нямецкай хвалі".

Апошнім іх калябеларускім матэр'ялам, які выйшаў перад гэтым абмежаваннем, быў аповед пра посттраўматычны сіндром у сілавікоў. Але наўрад бюракратыя дзейнічае так хутка!..

Першы падрабязны матэр'ял пра "беларускі транзіт" з'явіўся ненашмат раней. У ім згадваюцца "нейкія фірмы, якія мэтанакіравана агітуюць мясцовых жыхароў эміграваць у Еўрасаюз, прапаноўваючы ім пакет "турпаслуг" з авіябілетам да Мінска ў адзін бок", і "пастаўленая на шырокую нагу і добра арганізаваная сістэма нелегальнай міграцыі ў ЕС". І хто ж яе на гэтую нагу паставіў? Французскія абвінавачванні "сямейнікаў Рыгорыча" (прынамсі, у варыянце для СМІ) нейкія неакрэсленыя: здаецца, яго сям'я не такая вялікая, каб не былі названы дакладныя імёны!.. У апошнім матэр'яле пра "беларускі транзіт" згадваецца "расійская кампанія "Зроблена ў Расіі 24" (не ведаю, хто гэтай кампаніяй валодае). Я ўжо згадваў гіпоэзу пра Рыгорыча як "праект КДБ" (у сэнсе выкарыстання "золата партыі" [і яшчэ ім аднойчы ікалася; а ў трошкі іншым сэнсе — тут]). Як казаў адзін з герояў Дарашэвіча, "з двух зламыснікаў [..] Садрай бяспечней. Ён хацеў пазбавіць мяне толькі добрага імя, а гэты — нават і даходаў".

Але калі на хвілінку даць веры дзяржаўным органам, то абмежавалі доступ з-за матэр'ялу аб тым, як гэтыя блакіроўкі абходзіць. Няўжо нехта гэтага яшчэ не ведае?!.