August 3rd, 2021

multylingual jewish

(no subject)

Па вядомых сямейных абставінах амаль увесь адпачынак сядзеў на лецішчы. Праўда, некалькі разоў заяздзжаў у Мар’іну Горку. Там, як вядома, ёсць дом, у якім у 1946—1947 гадах жылі Лучанкі. Гэтым разам атрымалася падайсці бліжэй і прачытаць: што ж за ўстанова там размешчана?!. Не музей, не музычная школа, і нават не які раённы адзел народнай асветы, а — аддзел прымусовага выканання Пухавіцкага раёна!..

Насупраць лучанкоўскага дома стаіць універмаг. Першы паверх стаў харчовым, а на другім паміж дзяржаўнымі беларускім і узбекскім сцягамі вісіць рэклама пра "вялікі выбар і нізкія кошты" і "штотыдзень — новую калекцыю". Я, вядома, глядзеў не ўсё запар, але тое, што браў у рукі — прадказальна кітайскае. І пры чым тут Узбекістан?!

Калі катаюся па Сінявокай, за аснову бяру "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі". Чым далей — тым больш гэта робіцца нязручным. Па-першае, вуліцы пераймяноўваюцца. Так у Воршы на вуліцы паміж двумя манастырамі можна прачытаць, што яна "Г. Скарыны", "Ф. Скарыны", "Ільінская" — і нават "Ф. Скарыны—Ільінская" (з дзвюма назвамі на адной шыльдзе). У Копылі вуліца, на якой калісьці знаходзіўся дом Цішкі Гартнага ("Збор помнікаў" кажа, што мемарыяльная дошка была "ўстаноўлена на доме, дзе жыў пісьменнік", а сучасная мемарыяльная дошка знаходзіцца перад домам, і паведамляе, што "на гэтым месцы знаходзіўся дом, дзе жыў..."), з вуліцы Карла Маркса натуральным чынам ператварылася ў вуліцу Жылуновіча. Не здолеў знайсці ў Слуцку вуліцу Карла Лібкнехта (толькі другі завулак яго імя). І г. д. З другога боку, у Рэчыцы ці ў Дзяржынску не на кожным доме ўбачыш шыльду: напэўна, баяцца шпіёнаў!..

"Збор помнікаў" піша, што ў Клецку захаваўся будынак сінагогі, а карта ў мясцовай аўтастанцыі, — што гэта будынак іешывы. Там-сям трапляліся будынкі, з якіх шыльды-шчыты з паведамленнем, што гэта гістарычны помнік, які ахоўваецца дзўяржавай, былі знятыя (акрамя "Збору помнікаў" пра гэта можна даведацца па пляме на сцяне; што цікава, — улічваючы тэмы нашай прапаганды, — дзяржава адмаўляецца ахоўваць будынкі, звязаныя з падполлем). З другога боку, у "Збор", напрыклад, не ўвайшоў бабруйскі касцёл (а новаму пакаленню ўжо і не растлумачыш: як выглядала пры бязбожнай уладзе мінская архікафедра). Дарожныя знакі "славутасць" чамусьці таксама не заўсёды супадаюць са "Зборам помнікаў". Дзе б знайсці базу данных, дзе гэтыя знакі ўстаноўлены?!.

Але (можа, дрэнна шукаў?) лепшую крыніцу пакуль што не ведаю...

Усё, што я магу сказаць не пра "Збор помнікаў", чамусьці амаль усе пра Бабруйск, у якім я быў напярэдадні іх свята горада, якое праходзіла пад лозунгам "Бабруйск — горад для жыцця!" (што цікава, адзін з такіх надпісаў быў размешчаны насупраць гарадскіх могілак). На станцыі "Бярэзіна" ёсць пешаходны мост, на якім ёсць папярэджанне (кшталту ленінградскага "гэты бок вуліцы найбольш небяспечны пад час артабстрэлу"), што "перасоўванне вазкоў з дзецьмі і інвалідамі па з’ездам забараняецца". І навошта там гэтыя з’езды зроблены? І як (калі не рабіць вялікі крук) гэтыя каляскі перасоўваць з аднаго боку чыгункі на другі?!

У сувязі з тым жа святам горада (а не як звычайна на сацыяльнай рэкламе Міністэрства па падатках і зборах) можна было пабачыць здымкі некаторых будынкаў да і пасля рэстаўрацыі (для некалькіх выпадкаў — рэстаўрацыя ў двукоссі), але асабнякі са "Збору помнікаў" ніякай рэстаўрацыі яшчэ не дачакаліся (а на тым, што засталося ад даху, прынамсі, аднаго з нідзе не пазначаных будынкаў, расце дрэва)!..

У мінулае сваё падарожжа па Сінявокай я чамусьці не дайшоў да бабруйскай крэпасці... Усе мінскія планы пабудаваць стылізацыю замка побач з Домам фізкультурніка я раней лічыў "размовамі на карысць бедных": ну не ўпісваецца ён эстэтычна ў гмахі з другога боку Пераможцаў Машэрава!.. Але калі "калектыўны Рыгорыч" здолеў усунуць "Бабруйск-Арэну" паміж рэштак крэпасці — то няма таго, на што ён не быў бы здольны яшчэ!..

Калі ў Мар'інай Горцы сціплы інфармацыйны стэнд для турыстаў паведамляе, што ў Пухавіцкіма раёне знаходзіца геаграфічны цэнтр Беларусі, то Клецк яскрава і калярова паведамляе, што ён цэнтр [усёй] зямлі!.. Ну, і ў Клецку ёсць мясцовы культурны герой (кшталту агульнарэспубліканскага Машэрава ці ўзбекскага Рашыдава)...