May 7th, 2021

freedom from secularism

(no subject)

Ужо не памятаю калі (гугл не дапамог :( ), здаецца, у сувязі з дэмантажом помніка Коневу ў Празе, суседская прапаганда абуралася, што "нехта на Захадзе" 1-ы Украінскі фронт палічыў (нацыянальнай) украінскай арміяй...

Не ведаю, як "там на Захадзе", але ў Сінявокай адбываецца "вялацякучая прыватызацыя" Перамогі: "У вызваленні горада ўдзельнічалі асобныя часткі і падраздзяленні Савецкай Арміі і 3-га Беларускага фронту" (калі я глядзеў гэты матэр'ял, ён пасля 08:43 не абнаўляўся! Што вельмі істотна, бо, напрыклад, навіна пра Дзень друку абнаўлялася, сама менш, 3 разы, і першы раз — кардынальна). Вось так вось: Савецкая Армія — асобна, 3-ці Беларускі фронт — асобна!..

Там жа "аскароміўся" і Кузьма Козак: "У ёй [аперацыі "Багратыён"] удзельнічаў не толькі Беларускі фронт, але і Прыбалтыйскі". Як вядома (і з гісторыі, і з матэрыялу, і са штыкоў на Кургане Славы), было тры Беларускія франты...

Не менш цікавая рэч: калі прапаганда прызнае, што сучасны дзяржаўны сцяг з'явіўся толькі ў 1951 годзе (гл. напр. тут), то чаму яго колеры ўжываюцца пры святкаванні больш ранейшых падзей (напрыклад, усё тая ж бутаньерка)?.. (Гэта пытанне не я першы задаю, але і шчырых прызнанняў прапаганды у "маладосці" сцяга я не памятаю.)

Пачытваю "Залатое жніво" Яна Томаша Гроса і Ірэны Грудзіньскай-Грос, і думаю, што калі ўсе гэтыя пошукі злачынчаў пад бел-чырвона-белым сцягам маюць нейкі сэнс, яны мусяць скончыцца рэстытуцыяй...