April 20th, 2021

freedom from secularism

(no subject)

Шчыра: "Беларускага партызана" чытае не я, а маці. Але ўчора яна пачала мне пераказваць тамтэйшыя матэрыялы пра тое, што нібыта Рыгорыч адмовіўся ад правядзеня парада 9 мая, бо пабаяўся апазіцыйных акцый (так гэта думка гучыць на мове тытульнай нацыі, а так — на другой дзяржаўнай).

Сумна за такую "аналітыку"!.. Калі даць ёй веры (акрамя таго, што трэба паверыць у афіцыйную гісторыі з "замахам"), трэба зыходзіць з меркавання, што Рыгорыч пачаў баяцца вельмі даўно, бо (у адрозненне ад мінулага, пазамінулага і г. д. гадоў) гэтым разам прапаганда ані слова не казала пра пачатак падрыхтоўкі да парада (а мінчане гэту падрыхтоўку і без прапаганды заўважылі б!). Наадварот, парад быў бы патрэбны Рыгорычу, каб паказаць, што ён сапраўды перамог!..

Яшчэ раз паўтару сваё колішняе разуменне Рыгорыча: летась удзельнікаў параду ўдалося аддзяліць ад астатніх да таго, як у Сінявокай з'явіўся каранавірус. Так што яны (у адрозненне ад астатняй краіны па самаго Рыгорыча ўключна) былі на каранціне, а сам Рыгорыч меў усе магчымасці бяспечна паказваць Пуціну язык, што змог правесці парад своечасова. (Шчыра прызнаюся: паказаны Пуціну язык, хай сабе і Рыгорычам, зрабіў мне прыемнасць!)

Гэтым разам а) набраць патрэбную колькасць здаровых удзельнікаў парада немагчыма па азначэнні; б) пасля жнівеньскіх падзей паказваць язык Пуціну — справа небяспечная (я ўсё чакаю: як жа ён адыграецца? Бо ён жа злапамятны!); нават на "в)" цяжка прыдумаць прычыну, якая б магла мець статыстычна значны ўплыў на гэта рашэнне.

... Акрамя адкладзенай пуцінскай помсты з мінулага году цягнецца абяцанне Bellingcat'у паказаць фільм пра затрыманых у Сінявокай "вагнераўцаў". Не даюць жыць сённяшнім днём!..