March 16th, 2021

freedom from secularism

(no subject)

Вольф Рубінчык паспрабаваў аб'яднаць у адным артыкуле "мяккую беларусізацыю" і літаратуру аб ГУЛагу.

Пры ўсіх недахопах "мяккай беларусізацыі" — нельга забываць, што без яе таксама "нічога не пачало б быць, што пачало быць": пакуль "закат над балотам" не пачалі вешаць на аўтазакі, і на перадвыбарчых мітынгах, і на паслявыбарчых шэсцях мірна луналі абодва сцягі. Без яе не было б таго аб'яднання. Так што не тое, каб "дзве Беларусі" зрабіліся адной, але адна з іх падзялілася, і яе частка далучылася (напэўна, пакуль не да канца) да другой.

А ўспамінаў пра ГУЛаг сапраўды шмат (нават сярод беларускамоўных можна згадаць і "Горкую далячынь" Яна Скрыгана, і "Кітай-Сібір-Масква" Язэпа Гэрмановіча, і "Споведзь" Ларысы Геніюш, і г. д.) [пры чым, калі айца Гэрмановіча ледзь знайшоў у электронным варыянце (і, калі шчыра, яшчэ не прачытаў), астатніх чытаў у папяровым]. Магу падзяліцца некаторымі (пераважна) рускамоўнымі кнігазборамі: "мемарыяльскі", і некалькі з тых, у якія трапляюць кнігі з прыватных калекцый: старая (якая, здаецца, даўно не аднаўлялася, і якасць распознанасці тэкстаў там розная), дзве панавее: з "тамвыдатаўскімі" выданнямі савецкіх часоў, і паслясавецкімі перавыданнямі; ну, і яшчэ адну бібліятэку, дзе раздзелы "Успаміны" і "ГУЛаг і дысідэнты" значна шырэй за тэму...

А наконт праэктаў новай Канстытуцыі... Можа і трэба было б іх уважліва разгледзець (дарэчы: з таго самага пункту гледжання: наколькі і на чым "паўтары Беларусі" аб'ядналіся?), але з іншага боку, гэта аб'яднанне "на маршы" (вельмі неканстытуцыйным стане!), усё яшчэ зменіцца (і магчыма нават хутка). І яшчэ: з аднаго боку, у нас апошнім часам з-за "двіжухі" ўсё можа раптам памяняцца, а з другога, — пакуль невядома, як гэта Канстытуцыя будзе прымацца, ці варта так ужа сур'ёзна яе разглядаць?..

Калі шчыра, сам думаў быў ёй заняцца, але ўжо другі дзень рукі не даходзяць, і, баюся, так і не дойдуць...