February 6th, 2021

freedom from secularism

(no subject)

Амаль тыдзень таму Рыгорыч вырашыў паказаць, што ўсё ж такі, калі ён мяне і чытае, то не ўсё. Нават калі б яму было ляніва лазіць па спасылках (так бы ён яшчэ пра аднаго цікавага аўтара даведаўся), мог бы і з прамым тэкстам азнаёміцца!

Якія такія тэрарысты і дыверсанты перашкаджалі яму правесці чарговы рэферэндум па Канстытуцыі, каб выключыць з артыкула пра інаўгурацыю згадку старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда, ці, у скрайнім выпадку, выдаць дэкрэт, якім бы часова прыпыніў дзеянне дэкрэта №6 ад 29 лістапада 2013 г. (на тэрмін ад сутак да месяца, калі так ужо трэба было засакрэціць пэўную дату), і выключна для інаўгурацыі прызначыць часова выконваючага абавязкі гэтага старшыні?!

Сам жа кажа: "Які б ні быў закон, дрэнны або добры, закон ёсць закон, юрысты мяне падтрымаюць, яго трэба выконваць. Калі ён дрэнны — яго трэба змяніць ва ўстаноўленым парадку"! (Нешта я моцна парушыў храналогію...) Але ўжо няма каму змяняць Канстытуцыю "ва ўстаноўленым парадку". Можна было б далучыцца да еўрапейскіх і амерыканскіх прапаноў аб дыялогу, калі б не ўспаміны аб "дыялоге" 1996 года.

Яго "кавід кавідам, але не трэба забываць і пра іншыя захворванні" пракаментаваны ў мінулым пасце: калі б сапраўды не забывалі, смяротнасць была б значна ніжэй (з таго, што па меркаванай працягласці жыцця мы недзе ў сярэдзіне, нібыта вынікае, што ў нас мруць маладыя [25—39, калі скарыстацца яшчэ адной крыніцай]).

Што да мэты "выйсці на ўзровень інавацыйнага развіцця краін — лідараў Усходняй Еўропы", то, улічваючы, што большая часка былой Усходняй Еўропы стала Цэнтральнай, то ў нас не так шмат краін, на якія мы збіраемся раўняцца, а пра іх "узровень інавацыйнага развіцця" лепш прамаўчаць...

Ну, і "геапалітычны разлом", і "мы не зможам утрымацца ў рамках унутранага разладу і нейкай грамадзянскай вайны: абавязкова ўмяшаюцца іншыя ігракі". Калі грамадзянская вайна, то "іншыя ігракі" з'явяцца амаль абавязкова: што інтэрбрыгады, што чэхаславацкі корпус vs Бела Кун, латышскія стралкі і кітайскія кулямётчыкі... Але не я першы казаў, што грамадзянскую вайну распальвае той, у каго зброя.

Баян пра "сацыялагічнае даследаванне" нагадаў гісторыю 1996 года, калі я працаваў у недааформленым БелІСА, і мяне прасілі дапамагаць Інстытуту сацыяльна-палітычных даследаванняў праводзіць апытанні: амаль ніхто не жадаў запаўняць бланкі ўласнаручна. Так што яшчэ тады ў ананімнасць не верылі!..

Будзем лічыць, што характарыстыка Узбекістана як "вельмі блізкай, дружалюбнай нам краіны" адносіцца да мірзіёеўскіх часоў, бо, з аднаго боку, Карымаў перад смерцю паспеў з намі пасварыцца і зняў мемарыяльную дошку аб тым, што ў часы Вялікай Айчыннай вайны Якуб Колас (як акадэмік, вядома) жыў і працаваў ва Узбекскай Акадэміі навук, а з другога, ён сам кажа: "тое, што ён пачаў рабіць пасля пэўнага перыяду развіцця незалежнага Узбекістана, заўтра будзе бачна ў станоўчым ключы". Калі шчыра, з матэрыялаў "Форума 18" вынікае, што "узбекская перабудова" сканчаецца; але калі б Рыгорыч у свой час рызыкнуў хаця б на тое, што там ужо зроблена!.. Нажаль, Карымаў для яго — лепшы прыклад для пераймання.