February 4th, 2021

freedom from secularism

(no subject)

Чамусьці па-ранейшаму на старонцы бі-бі-сяшнага "HARDtalk" існуе толькі двухвілінная "замануха", а поўны тэкст гутаркі з Ціханоўскай можна прачытаць з альтэрнатыўнай крыніцы.

Што праўда, нічога цікавага ў ёй няма: "маёй мэтай не з'яўляецца станавіцца прэзідэнтам", "я зараз не збіраюся ўдзельнічаць у наступных свабодных і справядлівых выбарах"...

Ну, і дзіўная салідарнасць "калектыўнага Рыгорыча" і суседскай прапаганды, з аднаго боку, — і нашай апазіцыі, з другога, у тым, што пратэсты — "наша ўнутраная справа". Не, з тым, "Што толькі той жыцця і волі варт, / Хто кожны дзень за іх ідзе на бой", а таму нельга спадзявацца выключна на замежнага добрага дзядзьку (хоць усходняга, хоць заходняга, хоць паўночнага, хоць паўднёвага, хоць іншапланетнага ці яшчэ якога), спрачацца немагчыма, але яшчэ раз: "прымушэнне да выканання правоў чалавека на міжнародным узроўні мусіць ажыццяўляцца падобна таму, што робіцца ў выпадку ваеннай агрэсіі ў сістэме калектыўнай бяспекі"!..

* * *

Хутка споўніцца шэсць месяцаў з дня правядзення таго, што магло бы быць выбарамі. Пасля гэтай даты бюлетэні захоўвацца ўжо не будуць на законных падставах.

Здаецца, ідэй патрабаваць, каб у нас пералічвалі галасы як у Штатах, не было: гісторыі з вынасам бюлетэняў і шмат чаго іншага пераканала грамадства ў тым, што не засталося таго, што можна было б пералічваць, а таму нават спрабаваць не трэба. Так што і ў гэтым пытанні з самага пачатку была поўная згода абодвух бакоў барыкад.

Што праўда, як на заказ нашай прапаганды, чарговы пералік галасоў у Штатах не супакоіў іх грамадства. Што чарговы раз пацвердзіла, што "крыўда і падазронасць у адносінах да тых, хто ва ўладзе" разам з "жывучасцю дэспатызму, з аднаго боку, і пагардай да ўлады, якая ўсё больш павялічваецца, з другога" (першыя лепшыя цытаты) — сусветная з'ява. (Хаця, напэўна, нейкія адрозненні знайсці ўсё ж такі можна.)

* * *

Наша прапаганда, як вядома, нават прагнозы надвор'я суправаджае гісторыямі пра замежныя катаклізмы, каб мы былі ўдзячныя за тое, у якой ціхамірнай краіне жывём!..

У прынцыпе, я апошнім часам сустракаўся як амаль з агульнапрынятай думкай, з меркаваннем, што гэта ціхамірнасць навінаў была адной з прычын цікаўнасці савецкіх грамадзян да Захаду: з пункту гледжання ідэалогіі у СССР гісторыя амаль скончылася: сацыялістычны выбар быў зроблены незваротна, засталіся толькі дробныя дапрацоўкі, але ў астатнім сусвеце яшчэ працягвалася барацьба "сіл прагрэсу" з "рэакцыйнымі сіламі". Таму нават афіцыйныя матэрыялы пра замежжа было цікавей глядзець, чым унутрысавецкую тэскноту...

Савет, які ў свой час Шогі Эффендзі даў Злучаным Штатам: "адзінае, што яна можа зрабіць, каб пазбегнуць сабраўшыхся вакол яе небяспек, — ублытацца ў тую павуціну міжнародных зносін, якую пляце Рука непасціжнага Наканавання", — мог бы прыдацца і нашай уладзе (вунь, Кітай "ублытаўся", што не перашкаджае яму быць недэмакратычным).
freedom from secularism

(no subject)

Існуе такая цікавая крыніца па гісторыі баха'і, як Скрутак гонару.

Але, нажаль, ён абмежаваны ў часе: у ім пералічаны краіны і тэрыторыі, адкрытыя для Веры пасля 1953 года. Пра тэрыторыі, адкрытыя першымі баха'і (і нават бабі) трэба даведвацца з іншых крыніц.

Тое, што Марта Рут навярнула ў Веру Марыю Румынскую, а ў гэтым спісе адкрыццё Румыніі лічыцца за Ферэйдунам Хазра'і, не дзіўна: у каралевы (як кансорта-іншаземца ў страшна кансерватыўнай краіне) не было магчымасці стварыць абшчыну.

Але якой Польшчы ў спісе ўвогуле няма (хаця першая польская баха'і — Лідыя Заменгоф, пра якую эсперантысты расказваюць тую ж легенду, што і пра Корчака: што нехта ёй прапаноўваў выйсці з Варшаўскага гетта, але яна адмовілася, — загінула ў Трэблінцы). Хочацца спадзявацца, што калі не абшчына, то баха'і засталіся і пасля ялцінска-патсдамскіх пагадненняў, і неяк дажылі да падзення "жалезнай заслоны".

Цікавы спіс краін, "аказаўшыхся ўжо адкрытымі": Албанія, Казахстан, Кіргізія, Латвія, Таджыкістан, Узбекістан і Украіна. Я ўжо недзе казаў, што на ўласныя вочы бачыў рускамоўныя кнігі баха'і, якія ў міжваенны час выдаваліся ў Рызе, таму так: там было многа баха'і з былой Расійскай імперыі, напэўна нехта перажыў саветы.

Але пра "аказаўшуюся ўжо адкрытай" Украіну існуе, прынамсі, дзве версіі: мясцовыя баха'і кажуць пра нейкага персідскага купца ў Адэсе, палякі — пра баха'і з абшчыны, створанай Лідыяй Заменгоф, які ў міжваенны час нібыта даехаў да Кіева. Абодва варыянты выклікаюць сумненні. Першы таму, што ўкраінскія легенды нічога не гавораць пра тое, што купец стварыў абшчыну, а таму незразумела: чым ён так прынцыпова адрозніваецца ад Марыі Румынскай? А другі: проста цяжка паверыць, каб "доблесныя органы" каго прапусцілі праз мяжу (не, нельга выключыць правакацыі, але тады мусіў быць украінскі баха'і, які адсядзеў, выжыў і не выйшаў з Веры. У такім выпадку ён прооста абавязвны быў бы трапіць у народны фальклор!).

Ці былі ў міжваенны час баха'і ў Літве, Эстоніі і Карэліі (якая ў час, калі гэты скрутак быў распачаты, была Карэла-Фінскай ССР), — не ведаю.

Гэта я ўсё пра тое, што, нягледзячы на тое, што афіцыйным стваральнікам беларускай абшчыны баха'і лічыцца Хельмут Вінкельбах, апошнім часам мяне ўсё больш пераконваюць тыя, хто кажа, што, магчыма, былі на Беларусі баха'і і раней за 1978 год (што ў якім Віцебску за царом-бацюхнай, што ў міжваенным Гродна)...