January 20th, 2021

freedom from secularism

ляніва!

Прыйшоў чарговы (пяты за 2020 год) нумар "Недатыкальнага запасу" (на сайце да гэтага часу нават анонсу няма! А я яго і з пошты забраў са спазненнем, і прачытаў ужо, і некалькі дзён думаў "пісаць — не пісаць?").

А там у "Сацыялагічнай лірыцы" Аляксея Левінсона згадваецца Сінявокая. Паколькі адказу на галоўнае пытанне: наколькі яго фармуліроўкі з'яўляюцца "сацыялагічнымі" (г. зн. грунтуюцца на хоць якіх даследаваннях), а наколькі — неабгрунтаванай "лірыкай", — у мяне няма, то набіраць не буду (а копі-пасціь, як толькі што было адзначана, не атрымаецца!): розных фармуліровак гэтага кшталту і без яго хапае...

Ёсць матэрыялы, якія тычацца Сінявокай апасродкавана. Перш за ўсё ў гэтай сувязі адзначу матэрыял пра Паўночную Ірландыю, у якой, нягледзячы на пагадненне Вялікай пятніцы (а можа, і дзякуючы яму) ніякага "народнага адзінства" не атрымалася, камунікатыўная памяць пра часы гвалту пераходзіць у культурную (пры чым у кожнгага з бакоў барыкад гэта памяць розная). У гэтым сэнсе можна зразумець абурэнне Рыгорыча народнымі мемарылямі (што Тарайкоўскаму, што Бандарэнку), але досьвед Іспаніі паказвае, што забароны гэткаму пераходу перашкаджаюць не заўсёды.

Артыкул "Русь Святая", прысвечаны Гасану Гусэйнаву (абяцанага працягу яго артыкула ў нумары няма), чарговы раз выказваецца пра расійскую гістарычную каляіну, якую вырылі адказы расійскіх уладаў на татарскае ярмо (нават у прызначэння князем "земшчыны" Сімеона Бекбулатавіча "ногі адтуль растуць") і Фларэнтыйскую унію (да якой Масковія, як вядома, не далучылася, але згубіла Грэцыю ў якасці "старэйшага брата" і "партнёра па дыялогу"). Сінявокая тут "пры чым" у адпаведнасці з прынцыпам "ад адваротнага": татарскага ярма на нашых землях амаль не было, да Фларэнтыйскай уніі яны былі далучаны праз унію Берасцейскую, але каляіна ў нас на дзіва "расійская"!..

Вялікі блок артыкулаў пра федэрацыю. Сінявокай (пакуль што) гэта не вельмі тычыцца, але паколькі баха'і кажуць аб непазбежным устанаўленні сусветнай федэрацыі (у прыватнасці, ‘Абду’л-Баха даваў параду высокапастаўленай афіцыйнай асобе ўрада ЗША: "Вы найлепшым чынам паслужыце сваёй краіне, калі, як грамадзянін сусвету, будзеце імкнуцца садзейнічаць таму, каб прынцып федэралізму, які ляжыць у аснове праўлення вашай краінай, быў нарэшце ўжыты ў існуючых зараз дачыненнях паміж народамі і нацыямі сусвету" [WOB, 3:20; ADJ, 119]), у мяне ёсць што сказаць пра гэта (гэта было б адказам і на на чарговы тэкст Вольфа Рубінчыка). Але вырашыў дачакацца Наў-Руза, калі ўжо нарэшце апублікую даўно абяцаны тэкст...