August 14th, 2020

Belarus'2020

(no subject)

Ну, не ведаю: наколькі смешна ўжыванне імя-прозвішча як геаграфічнай катэгорыі (здаецца, "побач са мною" = "побач з маім домам" — ужывальны выраз), але, баюся, што зрабіць з мяне вядучага забаўляльных перадач не атрымаецца: добры жарт перыядычным быць не можа! (тут — слушнае меркаванне пра "Гарадок"; можна згадаць і апавяданне О'Генры пра далакопа-гумарыста.) (І ўсё-такі UPD: Дарэчы, "Камароўка" — гэта не толькі раён, але і МКР [калісьці, здаецца быў КЦ[К]Р]. Згадка "прыпынку каля апошняй", здаецца, не пакідае сумненняў, якое значэнне мелася на ўвазе!)

Цікава, што, цытуючы фразу ўжо вядомага віцебскага начальніка пра тое, што "З Віктарам Цоем я нават сучаснікам быў, я нават яшчэ Элвіса Прэслі заспеў. Усе гэтыя песні нажаль я вельмі добра ведаю", апанента не "зачапіла" гэта "нажаль". Думаю, гэта куды больш смешна, чым усе мае досціпы разам узятыя. (Чарговае UPD: там, дзе ў маім перакладзе "нажаль", магчыма іншае тлумачэнне, але я на сваім настойваю!)

Што пра астатняе, то я таксама не выключаю "ігру ў доўгую" і што "адміністрацыя ... неўзабаве здолее так-сяк стабілізаваць сітуацыю". Але кожная чарговая "памылка" змяншае верагоднасць хуткага пераходу пратэстаў у "партызанскую фазу" (калі не лічыць, што сабатаж — што страйкі, што перакрыванне вуліц — ужо пачаўся. Але не думаю, што апанент ужываў гэта слова ў такім сэнсе). Але якім можа быць іншае выйсце, акрамя "круглага стала", у магчымасці якога я таксама сумняюся, — таксама не ведаю!
UPD1: Гэта пісалася да таго, як я выйшаў на вуліцу. На ўжо неаднойчы згаданым прыпынку — новая ўлётка: "Раздавім фашысцкую гадзіну" (хіба што без малюнкаў і шрыфт загалоўка больш падобны на выкарыстаны тут, чым тут, які, дзякуючы савецкаму "Вожыку", мне больш вядомы). Так што, з аднаго боку, "партызанка" і палярызацыя з падзелам на бакі барыкады — відавочныя; з другога — вызваленні затрыманых верагоднасць "круглага стала" не на многа, але павялічваюць...

UPD2: Еўрадэпутат ад Еўрапейскай народнай партыі не толькі кажа, што выбары выйграла Ціханоўская, але і спасылаецца на "рэальныя вынікі ... па больш чым сотне участкаў" (DW удакладняе лічбу — 250).

Ну і, нарэшце, не вытрымаў: фота з "кветкі лепш за кулі" зноў нагадалі "рэвалюцыю ружаў" і г. д.: чарговы аргумент нашай і суседкінай прапагандзе, што ўсё робіцца па сцэнару "каляровых рэвалюцый"...
Belarus'2020

вайна вайной, а абед па распарадку!

Вось і канчаецца мой апошні працоўны дзень перад вакацыямі, і я сёння ж увечары еду выконваць сыноўні доўг на лецішчы (дзе, як я ўжо шмат дзе і калі казаў, і ў ціхамірныя часы сувязь была праблемай). Ці паеду я яшчэ куды (вядома, што ў гэтым годзе — па Сінявокай), — пакуль няўпэўнены. Хутчэй за ўсё, я ўвесь месяц буду жыць у афлайне. На развітанне сфармулюю чарговую поўную групу падзей (не я першы іх заўважыў! ;) ). Пакуль мае вакацыі будуць доўжыцца,
  • альбо Рыгорыч "не кіем, дык палкай" утрымаецца і гэтым разам. Тады ўсё будзе прадказальна (у т. л. і звадкі і сваркі з усімі блізкімі і тымі-сімі далёкімі краінамі), і толькі яшчэ больш шкада тых, хто калі-небудзь прыйдзе на яго месца і будзе разграбаць гэтыя (а таксама розныя ўнутраныя) аўгіевы стайні;

  • альбо адбудзецца такі "круглы стол", і дамовяцца пра "другі тур" ён vs Ціханоўская. Паколькі за гэты час новай платформы ў яе не з'явілася, а "палатка" ўсё роўна наўрад ці дабраахвотна прызначыць датэрміновыя выбары, то (калі наш сімвал перамен будзе спрабаваць сваю праграму выконваць) усяго ў нас будзе чатыры выбарныя кампаніі запар. Гэта ўжо цяжэй!

  • альбо на тым жа "круглым стале" дамовяцца пра паўнавартасныя новыя выбары. Гэта самы аптымальны варыянт (хаця, вядома, усё залежыць ад якасцей новых кандыдатаў), але далёка не самы верагодны. (Два апошнія варыянты патрабуюць альбо змены ЦВК, альбо нават часовую міжнародную камісію па выбарах, з удзелам прадстаўнікоў як Захада, так і Расіі.)

  • і магчыма, што сённяшняя няпэўнасць будзе працягвацца ўвесь мой адпачынак, і мне будзе што сказаць (спадзяюся, што цікавага) па вяртанні...
Астатнія варыянты (ад паўнавартаснай рэвалюцыі ці вайсковага перавароту да інтэрвенцы) таксама нельга выключаць, але іх наступствы цяжэй прадказаць і, дзякаваць Богу, іх верагоднасць насёння дазваляе не разглядаць іх асобна.